РусскийБеларускiEnglish

 

Государственное учреждение образования   

"Ясли-сад агрогородка Кадино"

 

Главная | Одно окно | Об учреждении | Инновация | Для детей | Родителям | Виртуальный методический кабинет | Сервисы | Попечительский совет | Фотогалерея

 

Меню раздела

 

 

 

 

статистика посещений

Яндекс.Метрика

 

 

Я ў тым мастацкім агародзе

Толькі марная трава,

А якая? Смех, дый годзе:

Я - пякучка - крапіва.

К.Крапіва

Беларускі пісьменнік, слынны байкапісец, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец Кандрат Кандратавіч Атраховіч (Крапіва) нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года. Яго малая радзіма - вёска Нізок Уздзенскага раёна.

Потым, з уласцівым яму гумарам, Кандрат Крапіва зазначыць: “У сям’і майго бацькі, Кандрата Міхайлавіча Атраховіча, гэта была выдатная падзея: нарадзіўся наследнік...” Нягледзячы на тое, што спадчына была зусім невялікая, бацьку Кандрата ўсё ж хваляваў яе лёс, бо з васьмярых братоў і сясцёр, што нарадзіліся раней за Кандрата, у жывых засталіся толькі дзве сястры, ды і тое, адна з іх хутка памерла. Як зазначыў далей Кандрат, “...каб застрахаваць мяне ад такога ж лёсу, бабулькі параілі даць мне імя майго бацькі. Так і стаў я на ўсё жыццё Кандратам Кандратавічам...”  (К.Крапіва з сям'ёй).

Далей было самае звычайнае, тыповае для таго часу жыццё вясковага хлопчыка: спачатку яго насілі на поле ў калысцы, потым ён сам хадзіў, “учапіўшыся за матчын падол...”, затым пасвіў свіней, кароў, у чатырнаццаць год пайшоў за плугам, пачаў касіць. Ды і адукацыю ён атрымаў самую звычайную: у сем год пайшоў у царкоўнапрыходскую школу, праз чатыры гады яе скончыў, навучыўшыся чытаць, пісаць, лічыць. “Бацька вырашыў, што гэтай прамудрасці аж занадта для таго, каб кіраваць гаспадаркай, у якой і да ста лічыць няма чаго”.

Можа, так і застаўся б будучы пісьменнік малаадукаваным чалавекам, каб не адзін трагічны выпадак: памерла яго маці. Бацька вырашыў ажаніцца другі раз. Новая сям’я, новая гаспадарка, новы нашчадак... Кандрату нічога не застаецца, як “ісці ў людзі”, працягваць далей сваю адукацыю. І вось, пасля гадовага перапынку, ён зноў у школе: апошні клас народнага вучылішча ў мястэчку Узда. У наступным годзе – другі клас чатырохкласнага вучылішча ў мястэчку Стоўбцы. Вучоба давалася даволі лёгка, але ... “на гэтым і абмяжоўваўся мой культурны рост”. І вось тут даволі характэрная, тыповая карціна парушаецца: цяга да асветы бярэ верх, і Кандрат, правучыўшыся два гады, пакідае Стоўбцы і паступае ў такое ж вучылішча ў Койданаве. Паміж гэтымі вучылішчамі было адно маленькае, але істотнае адрозненне: у Койданаве была багацейшая бібліятэка. Тут Кандрат старанна вучыцца і шмат чытае. Да гэтага ж часу адносяцца і першыя спробы пяра: шаржы на сяброў і вершы, прасякнутыя “сусветнай тугой”. Ён нават дасылае адзін з такіх вершаў у часопіс, але... Атрымаўшы адмоўны адказ, юнак пакідае займацца гэтай справай на цэлых восем гадоў.

У 1913 годзе Кандрат закончыў койданаўскае вучылішча, але не атрымаў ніякай спецыяльнасці. Усё лета ён працаваў на гаспадарцы, дапамагаў бацьку, сям’і. Трэба было думаць, як жыць далей: у бацькі было няшмат зямлі, няма чаго было разлічваць на ўласны куток, на свой надзел. Восенню, пазычыўшы ў суседа тры рублі, Кандрат накіраваўся ў Мінск, здаваць экстэрнам экзамены на званне народнага настаўніка. Здаў экзамены і, шчаслівы, вярнуўся дадому, але быў ужо кастрычнік, таму ён не змог уладкавацца на працу (не было свабодных месцаў). Таму зімой і вясною ён ездзіў з бацькам на заробкі. Восенню 1914 года яго накіравалі настаўнічаць у в. Мнішаны. Але працаваць тут давялося толькі адзін школьны сезон.

З 1914 года пачалася першая сусветная вайна Была аб’яўлена мабілізацыя, дарослых мужчын бралі ў армію і пасылалі на фронт. Дайшла чарга і да Кандрата. Яго накіравалі ў школу прапаршчыкаў у Гатчыне, з якой, праз тры месяцы, ён выйшаў маладым афіцэрам. “Аб гэтым сведчылі не столькі мае вайсковыя веды, колькі новае абмундзіраванне, рэвальвер у кабуры і шашка пры баку, якая з непрывычкі замінала мне хадзіць”. Затым быў фронт у Румыніі. Будучы пісьменнік даслужыўся спачатку да паручніка. А потым і да капітана.

Восенню 1917 г. малады афіцэр захварэў на брушны тыф. Хутка адбылася і Кастрычніцкая рэвалюцыя. Пачаліся значныя перамены: улады імкнуліся даць людзям адукацыю. Усе настаўнікі былі дэмабілізаваны. Дайшла чарга і да Атраховіча. У лютым 1918 г. ён вярнуўся ў родную вёску. А ў лістападзе 1918 года пачаў настаўнічаць у вёсцы Каменка.

У гэты ж час адбываецца даволі значная падзея ў жыцці самога Кандрата: ён ажаніўся з дзяўчынай са сваёй вёскі, Аленай Махнач. Неўзабаве ў іх нарадзіўся сын, які пражыў зусім нядоўга.

Праз невялікі час зноў мабілізацыя. На гэты раз у рады Чырвонай Арміі. Служыў у Мінску, у розных часцях, найбольш – у школе па падрыхтоўцы малодшага каманднага саставу.

У 1921 г. Кандрат Кандратавіч зноў пачынае пісаць. Ён дасылае свае творы ў газету “Красноармейская правда”. Гэта былі нататкі, фельетоны, вершы ў гумарыстычным, сатырычным плане. Спачатку пісаў на рускай мове, а потым, прачытаўшы ў “Савецкай Беларусі” твор на беларускай мове, паспрабаваў напісаць. Атрымалася. Прынёс свой верш у рэдакцыю...

Менавіта з гэтага часу пачынаецца творчая біяграфія Крапівы.

У кастрычніку 1923 года скончыўся тэрмін службы ў Чырвонай Арміі. Зноў дэмабілізацыя. І перад Кандратам паўстае пытанне: “На што жыць?” Кандрат вяртаецца на радзіму, у в. Нізок, маючы сталы намер асесці на зямлі. Але лёс вырашыў інакш: у бацькі Кандрата памерла другая жонка, і ён ажаніўся трэці раз. “Новая мачыха з усёй рашучасцю” пачала імкнуцца да таго, каб “выжыць” астатніх нашчадкаў. Восенню 1924 года Крапіва пакінуў непрыветлівую бацькоўскую хату і перабраўся ў суседнюю вёску Астравок, настаўнічаць, вучыць вясковых дзяцей грамаце. Спраў было шмат, і Крапіва амаль закінуў літаратурную дзейнасць. Але школьная праца не давала вялікага прыбытку, і Крапіва вырашыў перабрацца ў Мінск. Здарылася гэта ў маі 1925 года. Сябры-пісьменнікі дапамаглі яму ўладкавацца інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. Гэта работа была вельмі карыснай для пісьменніка. Але сам Кандрат Крапіва адчуваў, што ведае ён яшчэ недастаткова, у ведах ёсць значныя прагалы. І ў 1926 годзе ён паступае ў БДУ, на літаратурна-педагагічнае аддзяленне.

Пісьменнік старанна вучыўся і адначасова займаўся навукова-даследчай працай. У 1930 г. ён заканчвае БДУ і атрымлівае дыплом. З гэтага часу Кандрат вырашае займацца літаратурай. Кола інтарэсаў акрэслілася даволі выразна: гэта сатырычныя вершы, творы, п’есы і, безумоўна, байкі. Менавіта ў гэтыя часы Кандрат Крапіва паспрабаваў сябе ў ролі драматурга.

Да сярэдзіны 30-х гадоў, а дакладней – к 1934 г., калі з першай п’есай выступіў Кандрат Крапіва, беларуская савецкая драматургія дасягнула дастаткова высокага узроўню. Наша драматургія перастала быць набыткам толькі нацыянальнай культуры: пачынаючы з 20-х гг. беларускую п’есу можна было сустрэць на сцэнах тэатраў братніх рэспублік і нават за мяжой краіны.

Прыход Крапівы ў драматургію

Прыход Кандрата Крапівы ў драматургію быў абсалютна заканамерным. Але сам пісьменнік не выключае і момантаў выпадковасці. Ён успамінае: “Пачалося з таго, што мяне папрасілі перакласці на беларускую мову п’есу Д. Фанвізіна “Недаростак”. І мне, натуральна, было цікава паглядзець, наколькі ўдалым атрымаўся пераклад. У вуснах акцёра, справядліва думаў я, фальш аўтарскага слова, у дадзеным выпадку майго, павінна адчувацца асабліва. І я зачасціў на рэпетыцыі. Вось тут і “зачапілі” мяне, прапанаваўшы самому напісаць п’есу”. Да гэтага трэба дадаць і яшчэ адзін пабуджальны фактар: прыняцце Саветам Народных Камісараў Беларусі пастановы ад 28 мая 1933 года “Аб арганізацыі сярод пісьменнікаў і драматургаў БССР конкурсу на лепшыя драматургічныя творы”. Конкурс меў на мэце некалькі задач. Важнейшая з іх была, натуральна, задача папаўнення рэпертуарнай скарбонкі высокамастацкімі п’есамі. Але арганізатары конкурсу не абмяжоўваліся задавальненнем тоймінутных клопатаў, яны дбалі і пра будучае. Менавіта таму прыняццю пастановы папярэднічала беспрэцэдэнтна шырокая падрыхтоўчая праца, якая працягвалася звыш года. Гэты год газеты не без падстаў назвалі годам штурму драматургічных вышынь. У конкурсе спаборнічала звыш сямідзесяці п’ес, сярод аўтараў якіх “чыстыя” драматургі складалі менш адной трэці. Паэты, празаікі, публіцысты вырашылі далучыцца да штурму суседніх жанравых вышынь, бачачы ў гэтым свой грамадзянскі абавязак. Уся пісьменніцкая арганізацыя Беларусі цэлы год жыла адным клопатам, аднымі памкненнямі: праводзіліся спецыяльныя нарады з удзелам рэжысёраў і акцёраў, наладжваліся ўсебаковыя абмеркаванні лепшых драматычных твораў на сходах, на старонках часопісаў і газет. Апрача ўсяго іншага, упершыню за паслярэвалюцыйныя гады вялікая ўвага была ўдзелена матэрыяльнаму стымуляванню ўдзельнікаў конкурсу: устанавілі аж восем прэмій. Не дзіўна, што вынікі аказаліся вельмі прыемнымі: некаторыя конкурсныя творы вызначаліся не толькі разнастайнасцю тэматыкі і праблематыкі, але і высокім мастацкім узроўнем. Драма “Канец дружбы” першай прэміі не атрымала. Але яна была ўзнагароджана дыпломам другой ступені. Да таго ж, гэта п’еса стала пачаткам вялікай дружбы паміж драматургам і тэатрам. Упершыню на практыцы пазнаёміўшыся з законамі сцэны, Кандрат Крапіва зразумеў, што, як бы ні адрозніваліся яны ад прывычных і дастаткова засвоеных ім законаў белетрыстыкі, ён здолее пераадолець творчы бар’ер.

Самыя першыя крокі Кандрата Крапівы ў драматургіі былі пазначаны арыгінальнасцю, самастойнасцю, яго голас не згубіўся ў драматургічным хоры, а загучаў чыста, магутна, непаўторна. Яго адметны талент адразу ж быў заўважаны ўсесаюзнай грамадскасцю.

Драма “Партызаны” (1937) атрымалася арыгінальнай, з усімі адзнакамі свежасці, нягледзячы на тое, што ў ёй няма амаль нічога новага ў параўнанні з іншымі творамі таго часу. І разгадку мы можам знайсці ў тым, што па-першае, у творы мы маем пэўныя накіды асноўных характараў п’есы, а па-другое – ужо ў самым пачатку дакладна пазначаны многія канфліктныя вехі, па якіх можна меркаваць пра сутнасць сутыкненняў і супярэчнасцей паміж героямі п’есы. Справа ў тым, што драматург, імкнучыся кампенсаваць недахоп арыгінальнага фактычна-гістарычнага матэрыялу, рашуча перавёў сюжэтныя сутыкненні ў рэчышча маральных калізій, якія ў творах яго папярэднікаў амаль не сустракаліся. Майстэрства драматурга к гэтаму часу было дастаткова высокім, каб справіцца з пастаўленымі задачамі.

Драматургічны талент Кандрата Крапівы мужнеў хутка. Першыя п’есы ўспрымаліся як пралог да нечага важкага, глыбіннага. Такі твор – бліскучая сатырычная камедыя “Хто смяецца апошнім” (1939). Гэта быў адзін з самых вялікіх поспехаў беларускай савецкай драматургіі. Кандрат Крапіва рашуча кінуўся дапамагаць умацаванню разумнага ў грамадскіх узаемаадносінах. Прага актыўнага ўмяшання ў жыццё была ўласціва Кандрату Крапіве яшчэ ў пачатку яго творчага шляху. І на гэты раз – пры напісанні камедыі “Хто смяецца апошнім” – яна адыграла сваю плённую ролю. Народны артыст СССР Леанід Рахленка, які з’яўляўся адным з пастаноўшчыкаў камедыі ўспамінаў, колькі намаганняў спатрэбілася аўтару і калектыву БДТ-1 для таго, каб камедыя “Хто смяецца апошнім” убачыла святло рампы. Шлях для дасягнення гэтай мэты быў абраны адзіна правільны: п’есу сталі прапагандавць на ўсіх узроўнях. Завяршылася кампанія чытаннем п’есы ў ЦК Кампартыі Беларусі, дзе канчаткова вырашыўся яе лёс: п’еса ўключалася ў рэпертуар. Больш таго, камедыю вырашылі паказаць на дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве.

З 1932 па 1936 г. Кандрат Крапіва працаваў у часопісе “Полымя рэвалюцыі” загадчыкам аднаго з раздзелаў.

І вось наступае пераломны для Беларусі 1939 год. Кандрат Крапіва зноў мабілізаваны. На гэты раз ён дапамагаў Заходняй Беларусі ўз’яднацца з Усходняй.

Зімой 1939 – 1940 г., марознай і жудаснай, пісьменнік прымае ўдзел у фінскай вайне. Пасля гэтага ён працуе ў рэдакцыі франтавой газеты “Красноармейская правда”.

1941 год... Пачатак другой сусветнай вайны.

У гады Айчыннай вайны

Вайна патрабавала ад пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, кампазітараў змянення накірунку і зместу творчасці. Галоўнае месца пачала займаць тэма патрыятызму, адданай любові да радзімы, нацыянальнай годнасці савецкіх людзей. Ужо ў першыя дні вайны былі апублікаваны глыбока патрыятычныя вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пятра Глебкі, Кандрата Крапівы, Пятруся Броўкі, Максіма Танка і інш. У тую суровую гадзіну беларуская проза і паэзія апраналася, без прымерак, у ваенныя шынялі.

Вялікая Айчынная вайна для Кандрата Крапівы была чацвёртай, на якой яму давялося быць. У першы ж дзень вайны ён знаходзіўся ў часці, да якой быў прыпісаны – на гэты раз у рэдакцыі франтавой газеты “Красноармейская правда”. “Мне давялося быць сведкам варварскай бамбардзіроўкі Мінска фашысцкімі вырадкамі, у выніку якой быў разбураны і дом, у якім я жыў. 25 чэрвеня з болем у сэрцы я пакінуў ахоплены полымем родны горад, не ведаючы нічога пра лёс сям’і, якая знаходзілася ў шасцідзесяці кіламетрах ад Мінска, з трывогай думаючы аб старшым сыне Барысе, які быў у арміі і к пачатку вайны знаходзіўся на савецка-польскай граніцы. Месяцы праз тры я даведаўся, што мая сям’я з некалькімі іншымі сем’ямі пісьменнікаў на выпадковай грузавой машыне паехала на Усход. Пасля кароткага прабывання ў Новых Бурасах, Саратаўскай вобласці, яна выехала ў Уральск, дзе ў той час знаходзіўся беларускі тэатр імя Якуба Коласа” – так прыпамінае свой ваенны час Кандрат Крапіва. Разам са звесткай пра сям’ю прыйшла і сумная вестка пра смерць выдатнага беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі, што памёр у цяплушцы па дарозе ў Уральск.

У рэдакцыі “Красноармейскай правды” Кандрат Крапіва быў усяго некалькі дзён. Па рашэнні Палітупраўлення арміі пачала выдавацца франтавая газета “За Савецкую Беларусь”, адказным рэдактарам якой быў Міхась Лынькоў, а супрацоўнікамі – многія беларускія пісьменнікі і паэты: Ілля Гурскі, Пятро Глебка, Пімен Панчанка, А. Стаховіч, В. Барысенка. Пазней да іх далучыліся Пятрусь Броўка, Максім Танк, Алесь Кучар.

“Спачатку наша група – Міхась Лынькоў, Ілья Гурскі, Васіль Барысенка і я – выпускалі газету “За Савецкую Беларусь”. У нас была паходная друкарня, увесь тыраж круцілі ўручную, зрэдку ў гарадскіх друкарнях. Газеты адразу ж адпраўлялі на аэрадромы. Іх закідвалі ў тыл ворага. З фронту да нас заходзілі нашы чытачы (салдаты і афіцэры), радзей, але наведвалі і партызаны. Гэта падтрымлівала нас маральна, мы адчувалі, што робім важную справу.

У снежні 1941 года я стаў камуністам”.

У канцы 1941 года ўся група, якая выпускала газету, была адклікана ў Маскву. Некаторы час яны яшчэ выпускалі газету “За Савецкую Беларусь”, а ў канцы 1942 года Кандрат Крапіва з некаторымі іншымі таварышамі быў дэмабілізаваны і знаходзіўся ў распаражэнні ЦК КП(б)Б. Менавіта ў гэты час сям’я Кандрата Крапівы панесла вялікае гора: пад Сталінградам загінуў старэйшы сын Барыс. “Уцехай у гэтым цяжкім горы было толькі тое, што сын мой аддаў жыццё за святую справу вызвалення ад фашысцкай няволі”.

З сакавіка 1943 года і да канца вайны Кандрат Крапіва быў адказным рэдактарам сатырычнага выдання – газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, якая да вызвалення Беларусі закідвалася ў нямецкі тыл на самалётах. Пісьменнікі Антон Бялевіч, Міхась Чавускі, якія працавалі разам з ім у газеце-плакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну”, сведчаць, што Крапіва ўвесь свой час аддаваў рэдакцыйным справам. “Работнікаў тады ў часопісе было вельмі мала, – пісаў Бялевіч, – даводзілася працаваць многа. А больш за ўсіх працаваў сам рэдактар Кандрат Крапіва. Ён шмат пісаў сам ды яшчэ дапрацоўваў усё тое, што трэба было даць у нумар”. Яго творчасць, як і творчасць іншых нашых пісьменнікаў у тыя гады, служыла адзінай мэце – наблізіць перамогу над ворагам.

Але што ж служыла матэрыялам для выдання, як ён арганізоўваўся? Крапіва на такое пытанне адказвае так: “Зводкі, а найчасцей расказы ўдзельнікаў падзей, партызан, якія знаходзіліся ў шпіталях, партызанскіх кіраўнікоў, якіх выклікалі ў Цэнтральны штаб партызанскага руху. Стараліся працаваць вельмі аператыўна. З друкарні газету-плакат, а таксама лістоўкі (мы іх таксама выпускалі) дастаўлялі адразу ж на аэрадром.

Вельмі шмат матэрыялаў з’яўлялася ў нас без подпісаў. Гэта хутчэй за ўсё калектыўныя творы. Мы часта так працавалі: садзіліся гуртам, перасмейваючы адзін аднаго, выбіраючы лепшыя варыянты. А “чым больш смеху, тым больш мудрасці”. Той простай жыццёвай мудрасці, якая ўласціва нашаму народу”.

Доўгія два ваенныя гады не даходзілі рукі Кандрата Крапівы да драматургіі. У гэты час ён амаль цалкам страціў сувязі з тэатрам: газетная работа паглынала ўвесь час да астатку. У 1943 годзе Кандрат Крапіва напісаў п’есу “Проба агнём”. Ставіў яе Другі беларускі дзяржаўны драматычны тэатр (цяпер Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імія Якуба Коласа). Прэм’ера адбылася ў ліпені 1943 года ў горадзе Уральску.

Гэта п’еса пра мужнасць і воінскі абавязак. У барацьбе з ворагам праходзяць суровае выпрабаванне галоўныя героі драмы: камандзір палка маёр Караневіч, яго жонка Наталля, лейтэнант Перагуд; выпрабоўваецца сіла іх кахання, вернасці, дружбы.

У дні вайны Кандрат Крапіва абдумваў і пісаў другую сваю сатырычную камедыю “Мілы чалавек” (1945). Чытачу і гледачу яна стала вядома пасля заканчэння вайны (апублікавана камедыя ў вераснёўскім нумары часопіса “Полымя” за 1945 год, у верасні ж прайшлі першыя яе спектаклі ў тэатры імя Янкі Купалы).

Гэтая камедыя выклікала супярэчлівыя водгукі з боку крытыкаў. Большасць сходзілася на думцы, што “Мілы чалавек” – цікавы, востры сатырычны твор, праўда, складаны для сцэнічнага ўвасаблення. У некаторых арыкулах сцвярджалася, што ў камедыі быццам бы парушаны “рэальныя суадносіны паміж адмоўным і станоўчым”, занадта згушчаны чорныя фарбы, у выніку чаго яна ўспрымаецца як пасквіль на нашу рэчаіснасць, на савецкіх людзей.

У беларускіх выданнях ваеннага часу друкавалася многа сатырычных вершаў, баек, вершаваных фельетонаў, эпіграм. Акрамя Кандрата Крапівы, у гэтых жанрах выступалі Пятро Глебка, Максім Лужанін, Анатоль Астрэйка, Антон Бялевіч. Няхай не ўсё, што яны напісалі, зроблена дасканала, але тады гэтыя творы чыталіся, западалі ў памяць.

Трапна білі ў дасціпныя, лаканічныя, ёмістыя подпісы Крапівы да сатырычных малюнкаў і карыкатур. Нямала, напрыклад, пацешыліся партызаны, атрымаўшы нумар газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, дзе была змешчана серыя малюнкаў з яго подпісам – “Прыгоды Штумфа”.

Не меншы поспех мела і серыя карыкатур “Фрыцавы трафеі” з подпісамі Крапівы. Яго поўныя сарказму вершы і эпіграмы давалі мастакам цікавыя тэмы для сатырычных малюнкаў і карыкатур.

Часта Крапіва ствараў подпісы да малюнкаў Віталія Букатага. Гэтага таленавітага юнака-карыкатурыста, вучня 4-й Гомельскай чыгуначнай школы, які ў першыя дні вайны маляваў антыфашысцкія плакаты (іх вывешвалі на самых людных вуліцах горада), забрала з сабой рэдакцыя газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, ад’язджаючы з Гомеля. Яго малюнкі суправаджалі верш Крапівы “Мы аддзякуем” – сатырычны каментарый да праекта “зямельнай рэформы” ў Беларусі, распрацаванага гаўляйтэрам Кубэ.

Пасляваенная творчасць

У пасляваенны час, калі неабходнасць у газеце “Раздавім фашысцкую гадзіну” адпала, яна спыніла сваё існаванне. Але пачаў выходзіць часопіс “Вожык”, арганізатарам якога стаў Кандрат Крапіва. У пасляваенныя гады былі экранізаваны творы Кандрата Крапівы. Экранізацыі садзейнічалі творчаму супрацоўніцтву з кінематаграфістамі тэатральных акцёраў і рэжысёраў, мастакоў, кампазітараў. Без гэтага цяжка было разлічваць на аднаўленне разбуранай вайной кінавытворчасці рэспублікі.

Наўрад ці ўзяўся б за сцэнарную справу старэйшы беларускі сатырык і драматург, Кандрат Крапіва, калі б не аўтарытэт пастаноўшчыка “Першага ўзвода”, “Шукальнікаў шчасця”, “Майго кахання”, і іншых фільмаў, Уладзіміра Корш-Сабліна. Майстры давяралі адзін аднаму, і на экране з’явіліся дзве кінакамедыі – лірычная “Пяюць жаваранкі” (1953) і сатырычная “Хто смяецца апошнім” (1954). Драматург і рэжысёр, хаця і ўлічвалі тэатральныя пастаноўкі гэтых п’ес, мелі на ўвазе артыстаў-купалаўцаў як выканаўцаў галоўных ролей і ў фільмах, усё ж, не “прывязвалі” дзеянне да сцэнічнага. Яно выносілася на рэальныя месцы падзей, перайначваліся мізансцэны, скарачаліся дыялогі, рэмаркі разгортваліся ў эпізоды. У названых карцінах паводле п’ес Кандрата Крапівы было, як кажуць, больш “кінематаграфічнага паветра”. Але цалкам яны не адарваліся ад сцэнічнага характару дзеяння – асабліва ў скарыстанні дыялогу, манеры акцёрскай ігры, ды і трактоўцы вобразаў. Зноў адчуваўся нейкі “гібрыд” тэатральнага і кінематаграфічнага мастацтва.

У кінастужцы “Пяюць жаваранкі” рухавіком дзеяння застаўся канфлікт паміж двума метадамі кіраўніцтва сельскай гаспадаркай, спрэчкі двух калгасных старшынь – Пытляванага і Туміловіча. Экранізатары не разбурылі малюнак вобразаў, створаны майстрамі купалаўскай сцэны У. Дзядзюшкам і Б. Платонавым. Яны толькі крыху адцяснілі іх ад пярэдняга краю дзеяння, вызваляючы месца для маладой калгасніцы Насці Вярбіцкай (Л. Драздова) і агранома Міколы Верася (І. Шаціла), якія кахаюць адзін аднаго і часта сварацца. І не толькі з-за ганарлівых сваіх характараў. Канфліктавалі і па калгасных справах. А завяршылася ўсё вяселлем.

Не аднаму пакаленню вядома сатырычная камедыя Кандрата Крапівы “Хто смяецца апошнім”. Гарлахватчына і выкрыццё яе – галоўная тэма фільма. У вырашэнні гэтай з’явы стваральнікі фільма не ва ўсім скаваныя сцэнічнай традыцыяй. Гарлахвацкі, Туляга, Зёлкін, Чарнавус – кожны з персанажаў удакладняецца па моўнай характарыстыцы, матывах учынкаў. Выканаўцы ролей Гарлахвацкага (Л. Рахленка) і Тулягі (П. Глебаў) іграюць так, што за кожным з іх герояў угадваецца сацыяльны і псіхалагічны тып, а за імі – асяроддзе 50-х гадоў. На фоне па-свойму маштабнай фігуры Гарлахвацкага карыкатурна спрошчанымі выглядаюць Зёлкіны. Артысты Б. Платонаў і З. Браварская адкрыта дэманструюць іх нікчэмнасць. Гарлахвацкі – прадукт бюракратычнай сістэмы кіравання навукай – сваю бяздарнасць прыкрывае агалцелым нахабствам, супраць яго і скіравана джала сатыры. Зусім іншы Туляга – сарамлівы, па-дзіцячаму наіўны. Такога і запалохаць падабенствам з “дзянікінскім палкоўнікам” можна. Гарлахвацкі і Туляга – антыподы, а паміж імі – станоўчы герой – прафесар Чарнавус (У. Уладамірскі). На жаль, вобраз яго схематычна акрэслены ў сцэнарыі, такім ён застаўся і ў фільме. Асобную лінію (не толькі сюжэтную, сэнсавую, але і стылістычную) складаюць маладыя вучоныя Вера і Левановіч (Л. Драздова і І. Шаціла). Яны для аўтараў – ідэал савецкага чалавека, яго адносін да жыцця і справы, якой займаюцца. Аднак адна справа – сімпатыі да герояў, другая – ступень мастацкай пераканаўчасці. У камедыі “Хто смяецца апошнім” гэтыя параметры не супадаюць. Любыя сэрцу рэжысёра героі не арыгінальныя як мастацкія вобразы. Просталінейнасць вырашэння сюжэтных ліній і некаторых вобразаў не дазволіла камедыі “Хто смяецца апошнім” узняцца да ўзроўню паўнацэннага мастацкага твора, хаця і сам жанр, і прафесійны вопыт выканаўцаў давалі аснову для гэтага. Дэкларацыя замест мастацкай абгрунтаванасці адчуваецца ва ўсёй лініі навуковых спрэчак. Зноў атрымалася так, што п’еса, перапрацаваная для кіно, не ператварылася ў аріганальны кінатвор.

З 1947 года пісьменнік – загадчык сектара мовазнаўства ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. Калі ў 1952 годзе быў створаны асобны Інстытут мовазнаўства, ён стаў дырэктарам гэтага інстытута на чатыры гады. У гэты ж час пісьменнік актыўна займаецца пытаннямі беларускага мовазнаўства.

У 1953 годзе яму прысудзілі ступень доктара філалагічных навук. Усё сваё далейшае жыццё Кандрат Крапіва прысвяціў навуцы, але не забываўся і пра літаратурную дзейнасць.

У 1956 годзе К. Атраховіча абралі віцэ-прэзідэнтам АН БССР; на гэтай пасадзе ён прабыў да 1982 года, калі яго, па ўласнай просьбе, перавялі на пасаду старшага навуковага супрацоўніка-кансультанта. Ён курыраваў усе грамадскія навукі, займаўся шматлікімі адміністрацыйнымі пытаннямі, удзельнічаў у розных нарадах, пасяджэннях. На працягу многіх гадоў яго выбіралі дэпутатам Вярхоўнага савета БССР, у кіруючыя партыйныя органы.

У 1976 годзе, калі Кандрату Крапіве было 76 год, выйшла п’еса “Брама неўміручасці”. Выхад гэтай п’есы не быў звычайнай сенсацыяй. Яна прымусіла гаварыць пра сябе вельмі шырока і вельмі зацікаўлена. Гэты твор уразіў чытачоў, а потым і гледачоў, нейкім касмізмам, глабальнасцю праблематыкі. Узлёт пісьменніцкай думкі настолькі высокі, што часам страшнавата з той вышыні заглядаць у бездань чалавечай душы, якая з вышыні і бачыцца лепш, яскравей. Драматург прапануе публіцы вясёлы і ў той жа час вельмі сур’ёзны роздум аб чалавечнасці і неўміручасці. Камедыя “Брама неўміручасці” пісалася вельмі працяглы час. Гэта, здаецца, адзін з самых асабістых твораў пісьменніка. Фармальна драматург не выведзены ў п’есе, аднак яго прысутнасць адчуваецца за кожнай рэплікай, за выяўленнем сімпатый і антыпатый. Уражвае дакладнасць і канкрэтнасць апісання навуковай установы, дзе адбылося выдатнае адкрыццё. “Брама неўміручасці” стала для Кандрата Крапівы п’есай-пераадоленнем. Пераадоленнем ранейшай творчай манеры, прывычных выяўленчых прыёмаў і інш. Характэрна тое, што гэта пераадоленне не адэкватна адмаўленню: у тыпалагічным плане паміж “Брамай неўміручасці” і ранейшымі п’есамі драматурга засталося вельмі многа агульнага.

Акрамя літаратуры, ён шырока распрацоўваў пытанні мовазнаўства. Пад яго рэдакцыяй былі выдадзены:

  • у 1953 годзе Руска-беларускі слоўнік (пад агульнай рэдакцыяй Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Пятра Глебкі);
  • пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы – Беларуска-рускі слоўнік (каля 90.000 слоў);
  • другое выданне Руска-беларускага слоўніка (2 тамы);
  • тлумачальны слоўнік беларускай мовы і інш.                     У 1975 годзе Кандрату Крапіве было нададзена ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы, а ў 1978 г. – заслужанага дзеяча навукі БССР.

Вось такім было жыццё нашага славутага земляка, які скончыў свой зямны шлях.

Дапламаваны Баран

У адным сяле (не важна — дзе)

Хадзіў Баран у чарадзе.

Разумных бараноў наогул жа нямнога,

А гэты дык дурней дурнога —

Не пазнае сваіх варот:

Відаць, што галава слабая.

А лоб дык вось наадварот —

Такога не страчаў ніколі лба я:

Калі няма разумніка другога,

Пабіцца каб удвух,

Дык ён разгоніцца ды ў сцену — бух!

У іншага дык выскачыў бы й дух,

А ён — нічога.

I вось за дурасць гэту

Яго вучоным раз празвалі нейк насмех,

А каб двара не перабег,

На шыю прывязалі мету.

— Вось, — кажуць, — і дыплом табе.

Што гэта за «дыплом»,

Баран ні «мя» ні «бэ»,

Аднак жа перад Кошкаю пачаў ён ганарыцца:

— А што ж ты думала, сястрыца!

Хіба мне пахваліцца няма чым?

Дыплом я заслужыў, здаецца ж, галавою,

I не раўнуйся ты са мною.

— Аб гэтым лепей памаўчы, —

Сказала яму Кошка. —

Каб ты быў разумнейшы трошка

Ды розумам раскінуць мог авечым,

То ўбачыў бы, што ганарыцца нечым,

Бо заслужыў ты свой дыплом

Не галавой, а лбом.

Другі баран ні «бэ», ні «мя»,

А любіць гучнае імя.

Дед і баба

Ехаў Дзедка на кірмаш,

3 ім на возе — Баба.

Конік з выгляду — дарма,

Ды цягнуў ён слаба:

Меў не болей двух гадоў,

Як суседзі кажуць.

Баба ж тая — сем пудоў,

Сама меней, важыць.

Пад узгорак або ў гразь —

Конь насілу возьме.

Стала Баба памагаць...

Седзячы на возе.

Што ж, каню другі гадок.

Дык яна — за білы

Ды нагамі у перадок

Пхне, як мае сілы.

— Кінь, дурная, бо зганю! —

Дзед тут Бабе кажа.

— Ты паможаш так каню,

Як хваробе кашаль.

— Ах ты, ёлупень стары!

— Баба Дзеда лае.

— Стой жа тут, хоць ты згары!

Мне бяда малая.

Потым — гоп яна з калёс,

Села ля дарогі,

А каня як чорт панёс, —

Дзе ўзяліся й ногі!

***

Ва ўстановах часам ёсць

Вось такія ж "бабы":

Здэцца, й робяць яны штось,

Але справы — слабы.

Ды такая не ўцячэ!

Скажам ёй нарэшце:

— Мо без вас было б лягчэй?

Паспрабуйце злезці!

 

 

      
      

 

Тел.: 8(0222)40-55-37, e-mail: sad-kadino@mogilev.edu.by, регистрационное свидетельство 7141403989 от 21 мая 2014 г.